26 снежня ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандру Ярашуку. Яму суддзя Валянціна Зянькевіч дала 4 гады, яго намесніку Сяргею Антусевічу – 2 гады зняволення, а бухгалтарцы Ірыне Бут-Гусаім – 1,5 года калоніі.
Прысуды пракаментаваў старшыня Беларускага незалежнага прафсаюза, выканаўца абавязкаў старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Максім Пазнякоў.
- Гэта палітычная справа. Там пагражала да 12 год, але 4 гады, улічваючы ўзрост Аляксандра Ілліча, – гэта даволі жорсткі прысуд, канешне. Тое, што ўлады зрабілі, ні ў якой ступені не робіць сітуацыю лепшай. Мы ведаем, што Беларусі пагражае 33 параграф Статуту Міжнароднай арганізацыі працы, які прымяняўся ў гісторыі толькі адзін раз – да Бірмы, зараз гэта М’янма. Якія там будуць канкрэтныя дзеянні, у тым 33 параграфе, якімі канкрэтнымі санкцыямі ці наступствамі гэта пагражае беларускаму ўраду, пакуль невядома, але гэта ўсё сур’ёзна. І тое, што асудзілі Аляксандра Ілліча, Сяргея і працягваюць судзіць прафсаюзных лідараў, не спрыяе паляпшэнню сітуацыі ў МАП для беларускіх уладаў.
А ці вядома за якія канкрэтна дзеянні пераследуюць прафсаюзных лідараў спадароў Аляксандра і Сяргея ды спадарыню Ірыну? Дакладней, калі наконт 342-га артыкула пра так званыя грубыя парушэнні грамадскага парадку як бы больш-менш зразумела, то ці ведаеце Вы ў чым палягалі заклікі да дзеянняў на шкоду Беларусі?
- Адвакаты дужа не жадаюць размаўляць, бо ў іх падпіскі і гэтак далей, таму ведаем мы няшмат. Але мы ведаем, што там асновай для затрымання і гэтага судовага працэсу былі фатаграфіі, якія былі зробленыя падчас нейкіх маршаў у Менску, што яны там недзе знаходзяцца на вуліцы з сімволікай, мабыць нават дзесьці на дарозе. І гэта стала падставай для завядзення крымінальнай справы, што нібыта яны груба парушалі грамадскі парадак. Я таксама ведаю, што недзе ў Аляксандра Ілліча ў Фэйсбуку знайшлі нейкі пост на ягонай старонцы, дзе ён нібыта заклікаў ствараць страйкамы і страйкаваць там да таго часу, пакуль не зменіцца ўлада ў краіне. І гэта стала падставай, каб яму гэты 361 артыкул інкрымінавалі.
Нічога там такога супрацьпраўнага ніхто не рабіў, але вось – твой пост у Фэйсбуку з тваімі думкамі і тваім меркаваннем можа стаць падставай для крымінальнай справы. Таксама, як і нейкія фатаграфіі, нібыта ты там дзесьці хадзіў. Ну хадзіў, і што – на 4 гады людзей за гэта саджаць?!
А ці можна яшчэ ўдакладніць наконт рэакцыі і падтрымкі міжнародных прафсаюзных аб’яднанняў – тае ж Міжнароднай арганізацыі працы, замежных прафсаюзаў? Ці могуць яны неяк паўплываць на дзеянні беларускіх уладаў?
- Насамрэч, Аляксандр Ілліч з’яўляўся чальцом Адміністрацыйнай рады Міжнароднай арганізацыі працы. І, канешне, гэтае пытанне на кантролі ў МАП стаіць. Калі чальца рады тваёй арганізацыі садзяць у турму, то гэта азначае, што рэакцыя будзе ў любым выпадку. Афіцыйных заяваў ад генеральнага сакратара пасля вынясення прысуду яшчэ не было, але я думаю, што яны з’явяцца ў найбліжэйшыя дні. Але ў нашых размовах, канешне, усе абураныя гэтым прысудам.
Думалі, усё ж, што беларускія ўлады, як кажуць, возьмуцца за розум і прысуд будзе не такім. Мабыць, каб выпусцілі ўсіх у зале суда ўжо па адседжанаму. Магло быць і так, але… Яны вырашылі ісці шляхам далейшай эскалацыі. Адказ будзе менавіта летам. У чэрвені-ліпені, калі будзе праходзіць міжнародная канферэнцыя працы і на ёй будзе стаяць пытанне аб тым, каб ужыць 33-й параграф статуту ў дачыненні да беларускіх уладаў, якія парушаюць правы працоўных, правы прафсаюзаў і першае і галоўнае права на свабоду аб’яднанняў у прафсаюзы. Гэта Канвенцыя нумар 87.
Нас дужа падтрымлівае ўся міжнародная прафсаюзная супольнасць, Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў, нашы братэрскія прафсаюзы, прафсаюзы Германіі, прафсаюзы Галандыі, Польшчы, украінскія прафсаюзы, таксама, прафсаюзы Швецыі, Турцыі. Усе нас падтрымліваюць як могуць – хтосьці ладзіў дэманстрацыю, хтосьці накіраваў звароты ў пасольства, хтосьці рабіў пікеты. Зараз мы вядзем інфармацыйную кампанію, каб людзей вызвалілі. Таму, падтрымка адчуваецца. Аляксандр Ілліч з’яўляўся адным з віцэ-старшыняў МКП і на мінулым кангрэсе, які адбываўся ўвосень у Мельбурне, яго таксама пераабралі на гэтую пасаду. Таму прафсаюзная салідарнасць працуе.
Крынiца: radiounet.fm
Comments