Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь унёс двух беларускіх прафсаюзных лідараў у спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, што вынікае з абнаўлення на сайце ведамства.
У тэрарыстычны спіс уключылі віцэ-старшыню Беларускага Незалежнага прафсаюза і кіраўніка першаснай арганізацыі БНП на ААТ «Беларуськалій» Аляксандра Мішука і старшыню першаснай прафсаюзнай арганізацыі Свабоднага прафсаюза металістаў на ААТ «МАЗ» Арцёма Жарнака.
Цяпер у тэрарыстычным спісе 1011 імёнаў з іх 264 грамадзяне Беларусі. У гэты спіс уключаны - Святлана Ціханоўская, Павел Латушка, Марыя Калеснікава, Максім Знак і іншыя лідары апазіцыі.
Аляксандр Мішук быў прыгавораны да двух з паловай гадоў калоніі. Афіцыйнае абвінавачанне будавалася па ч. 1 арт. 361 Крымінальнага кодэкса (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Па аналагічным артыкуле асудзілі і актывіста СПМ Арцёма Жарнока, які таксама быў унесены ў гэты спіс. Таму найбліжэйшым часам у спіс тэрарыстаў, хутчэй за ўсё, унясуць і астатніх прафсаюзных лідараў, якіх асудзілі па аналагічным артыкуле: Аляксандр Ярашук, Генадзь Фядыніч, Васіль Бераснеў, Вацлаў Арэшка і магчыма Андрэя Ханевіча.
Comments