top of page
Search

Беларусь зноў увайшла ў дзясятку горшых краін для працоўных

Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў (ITUC) апублікавала свежыя звесткі Глабальнага індэкса правоў і свабодаў работнікаў за 2023 год. У дзясятку горшых краін для працоўных у 2023 годзе ўвайшлі: Бангладэш, Беларусь, Эквадор, Егіпет, Эсваціні, Гватэмала, М'янма, Туніс, Філіпіны і Турцыя.


Global Rights Index for 2023
Глабальнага індэкса правоў і свабодаў работнікаў за 2023 год

Індэкс 2023 паказвае, што асноўныя паказчыкі парушэнняў правоў працоўных дасягнулі рэкордна высокага ўзроўню. Патрабаванні працоўных аб захаванні іх працоўных правоў усё больш ігнаруюцца, а іх нязгода сустракае ўсё больш жорсткі адпор з боку ўладаў.


9 з 10 краін парушалі права на страйк. Рабочыя ў Канадзе, Тога, Іране, Камбоджы і Іспаніі сутыкнуліся з крымінальным пераследам або звальненнем пасля рашэння аб забастоўцы.


77% краін пазбавілі працуючых людзей права на стварэнне прафсаюза або ўступленне ў яго. Мігрантам, дамашнім і часовым работнікам, работнікам нефармальнай эканомікі і работнікам у асаблівых эканамічных зонах было адмоўлена ў праве на свабоду аб'яднання. Бурундзі, Гаіці, Індыя, Турцыя і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты ўваходзяць у лік краін, у якіх працоўныя пазбаўлены права на прафсаюзнае прадстаўніцтва.


У Беларусі забаронена любая прафсаюзная дзейнасць па-за рамкамі праўладнай Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, якая ўсё больш паходзіць на орган для кантролю за работнікамі, а не для іх абароны.


30 чэрвеня прайшоў вэбінар, прысвечаны апублікаванаму Глабальнаму індэксу 2023, на якім выступілі прадстаўнікі прафсаюзаў, якія знаходзяцца пад ціскам. Ад Беларусі выступіла старшыня Асацыяцыі “Салідарнасць” Лізавета Мерляк, якая расказала пра дзясяткі прафсаюзных актывістаў, якія знаходзяцца ў турмах. Аб выкарыстанні прымусовай працы палітычных зняволеных у сферы дрэваапрацоўкі і прымяненні 33 артыкула Статута МАП у адносінах да Беларусі.


– Мы павінны прымусіць гэты ўнікальны інструмент Міжнароднай арганізацыі працы працаваць, – упэўнена лідар асацыяцыі. – Толькі так беларускія працоўныя атрымаюць шанец на дэмакратыю на працы і ў нашай краіне. І Беларусь пакіне спіс 10 найгоршых краін для працоўных. Гэта нашая надзея і наша мэта.

За апошні год права на свабоду слова і сходаў было абмежавана ў 42% краінах, што часта прыводзіла да таго, што пратэстуючыя працоўныя сутыкаліся з жорсткасцю паліцыі. У Францыі законныя пратэсты былі сустрэты жорсткім збіццём, бязладнымі арыштамі і прымяненнем слёзацечнага газу. У Іране настаўнікі былі арыштаваныя і збітыя паліцыяй за ўдзел у першамайскіх дэманстрацыях.

 Violations of workers’ rights
10-гадовая тэндэнцыя парушэння правоў працоўных // ITUC

У Эквадоры масавыя пратэсты з заклікамі да дэмакратыі і калектыўных правоў, арганізаваныя арганізацыямі карэнных народаў і прафсаюзамі, былі жорстка задушаныя.


Рэйтынг краін палепшыўся ў Аўстраліі, Чылі і Кот-д'Івуары, але пагоршыўся ў Рэспубліцы Конга, Сальвадоры, Гаіці, Ліберыі, Чарнагорыі, Намібіі, Паўночнай Македоніі, Тога і Вялікабрытаніі.


Работнікі падвяргаліся насіллю ў 44 краінах, уключаючы Бангладэш, Філіпіны і Ліван. У Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне ўзровень гвалту ў дачыненні да працоўных вырас з 43% краін у 2022 годзе да 48% у 2023 годзе, а ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі – з 42% да 53%.


У васьмі краінах былі забітыя прафсаюзныя актывісты, 42% краін адмаўлялі або абмяжоўвалі свабоду слова і сходаў, у 46% краін працоўныя падвяргаліся арыштам і затрыманням, а 65% краін адмаўлялі або абмяжоўвалі доступ працоўных да правасуддзя.



Выконваючы абавязкі генеральнага сакратара МКП Люк Трыянгл адзначыў, што мяжа паміж аўтакратыямі і дэмакратыямі сціраецца. Калі парушаецца дыялог паміж дзяржавай і грамадзянамі, калі краіны падлашчваюцца да аўтакратыі для прыняцця непапулярных законаў, калі ўрады выкарыстоўваюць дзяржаўныя сілы для падаўлення законнага супраціву – дэмакратыя аказваецца пад пагрозай, а працоўныя пакутуюць ад наступстваў.


– Каб умацаваць тканіну нашага грамадства, абнавіць і зацвердзіць дэмакратыю і падтрымаць працоўных, нам патрэбна новая грамадская дамова: годная праца, справядлівая зарплата, сацыяльная абарона, асноўныя правы, уключаючы бяспечную і надзейную працу, а таксама гарантыі роўнасці і інтэграцыі, – лічыць в.а. генеральнага сакратара МКП.

Прафсаюзныя арганізацыі ўпэўненыя, што давер да ўрадаў падарваны, і ўльтраправыя запаўняюць гэты пралом, каб пасеяць раскол яшчэ больш. Толькі новая грамадская дамова можа аднавіць давер і гарантаваць, што нашыя дэмакратыі адпавядаюць мэтам, каб задаволіць патрэбы працуючых людзей сёння і патрабаванні нявызначанай будучыні. Будучыні, у якой кліматычны крызіс, тэхналагічныя змены, праблемы аховы здароўя і геапалітычная нестабільнасць будуць і надалей выклікаць узрушэнні.


- Да працоўных людзей неабходна прыслухоўвацца, і яны павінны быць у цэнтры ўрадавых рашэнняў, – упэўнены Люк Трыангл. – Каб патрабаваць і падтрымліваць гэта, прафсаюзы працоўных ніколі не былі так неабходныя.


Read this text in eng or рус

Kommentare


Die Kommentarfunktion wurde abgeschaltet.
bottom of page