top of page
Search

Аляксандр Ярашук: Мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы

Мінуў год з пачатку нападу Расіі на Украіну. Мужны ўкраінскі народ даў годны адпор агрэсару, але з тым згубіў тысячы жыццяў. Гэта працягваецца і зараз, кожную хвіліну, абараняючы свой агульны дом гінуць годныя дочкі і сыны Украіны.


Аляксандр Ярашук: Мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы
Фота: racyja.com

Ганебным, але рэальным стала тое, што беларусаў зараз асацыююць не толькі з ваярамі Палка імя К. Каліноўскага, або рэйкавымі партызанамі, але і як суагрэсараў. З-за ганебнай пазіцыі беларускага дыктатара, нас сёння разглядаюць - як вайсковы плацдарм, з якога ўварваліся расійскія войскі і абстрэльваюць цывільнае насельніцтва. Трэба адзначыць, што дэмакратычныя прафсаюзы з першага дня вайны катэгарычна выказаліся супраць дзеянняў беларускіх уладаў і запатрабавалі спыніць дапамогу Расіі ў вайне і вывадзе расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.



25 лютага 2022 года Выканкамам Асацыяцыі прафсаюзаў «Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў» была прынята наступная Заява: "Няма ў свеце ні аднаго народа, які хацеў бы вайны. Расейскі, украінскі і беларускі народы – не выключэнне. Мала хто ў свеце панёс такія жудасныя страты, так ахвяраваў у сваёй гісторыі жыццямі дзясяткаў мільёнаў сваіх грамадзян, як тры блізкія адно аднаму нашы народы. І тое, што расейская ўлада распачала сёння вайну супраць Украіны, не паддаецца ні разуменню, ні апраўданню, ні дараванню. Як не паддаецца апраўданню і дараванню тое, што агрэсар са згоды беларускіх уладаў уварваўся ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Здарыліся непапраўныя рэчы, і іх наступствы на працяглы час, на жыцці некалькіх пакаленняў, атруцяць стасункі паміж расейцамі, украінцамі і беларусамі. Ад імя сяброў незалежных прафсаюзаў Беларусі, працоўных нашай краіны мы схіляем свае галовы перад вамі, нашы ўкраінскія браты і сёстры. Мы просім у вас прабачэння за тую ганьбу, той сорам, якія наклала беларуская ўлада на ўсіх беларусаў, зрабіўшыся хаўруснікам агрэсара і адчыніўшы яму мяжу з Украінай. Але мы хочам запэўніць вас, дарагія ўкраінцы, што абсалютная большасць беларусаў, у тым ліку працоўных, асуджае авантуру дзейнага беларускага рэжыму, які патурае расейскай агрэсіі на Украіну.


Мы патрабуем неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і вываду з Украіны, а таксама з Беларусі, расейскіх войскаў.

У гэты цяжкі лёсавызначальны час заяўляем, што мы і сэрцам, і думкамі разам з вамі, дарагія ўкраінцы. Жадаем вам выстаяць і перамагчы. Жыве Беларусь!

Слава Украіне!" За гэтыя словы дыктатарскі рэжым не змог дараваць, таму ўсё кіраўніцтва дэмакратычных прафсаюзаў было арыштавана, а незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя. У краіне ўведзены рэжым масавага тэрору: арыштаваныя тысячы іншадумцаў. 1450 з іх прызнаныя палітвязнямі. Здзекі і катаванні з боку сілавых ведамстваў у дачыненні да грамадзян сталі нормай. Сотні тысяч вымушаныя былі пакінуць краіну.


Нягледзячы на гэта, мы ўпэўненыя, што падаўляючай большасці грамадзян Беларусі, гэтая вайна агідна і яны чакаюць міру. Не «рускага міру» - нянавісці, жабрацтва і дэспатызму, а ўзаемапавагі, годнасці і дабрабыту.

Як сказаў арыштаваны лідар БКДП Аляксандр Ярашук які зараз з-за сваёй пазіцыі знаходзіцца ў беларускай турме: - Каму як ні нам, выпадае зрабіць усе, каб вярнуць сабе добрае імя. Каб ніколі Беларусь не лічылася ваенным агрэсарам. Каб нашы мясціны, каб назва нашае краіны, назвы нашых сёлаў і гарадоў неўвасаблілі ў сабе пагрозу і небяспеку для жыхароў суседняй, братэрскай для нас, Украіны. Адкуль да іх прыходзіць смерць. Гэтыя словы былі сказаныя год таму, але актуальны і сёння.

Commentaires


Les commentaires ont été désactivés.
bottom of page