Feb 1, 20232 min

Дэмакратыя павінна быць вернута ў М'янму

Сёння спаўняецца другая гадавіна ваеннага перавароту ў М'янме. Асацыяцыя «Салідарнасць» далучаецца да міжнароднай кампаніі салідарнасці з рабочымі, якія пастаянна рызыкуюць сваім жыццём, каб аднавіць дэмакратыю ў сваёй краіне.

Фота: industriall-union.org

Сёння ў М'янме пройдзе ціхі страйк, людзі застануцца ў сваіх дамах і на працоўных месцах, пакінуўшы вуліцы бязлюднымі. Такая форма пратэсту стала адной з нямногіх магчымых сёння ў краіне.

Становішча працоўных у М'янме рэзка пагоршылася пасля ваеннага перавароту, здзейсненага ў лютым 2021 года. Дзейнасць большасці прафсаюзаў цяпер забароненая, многія рабочыя, якія раней былі абаронены калектыўнымі дамовамі, звольненыя, іх замянілі часовымі рабочымі, пазбавілі ўсялякіх правоў. Пасля перавароту ваенныя разгарнулі супраць прафсаюзаў і іх членаў рэпрэсіі, якія суправаджаюцца жорсткімі нападамі і арыштамі.

У цяперашні час у турмах па сфабрыкаваных абвінавачваннях знаходзяцца больш за 60 прафсаюзных актывістаў. Міжнародныя прафсаюзныя аб'яднанні патрабуюць іх неадкладнага вызвалення.

Глабальныя саюзы заклікаюць да безумоўнага прызнання на міжнародным і нацыянальным узроўнях паўнамоцтваў Урада нацыянальнага адзінства М'янмы (NUG), як адзінага і праўдзіва дэмакратычнага ўрада народа М'янмы.

Прафсаюзныя кампаніі ў падтрымку народа М'янмы працягваюцца больш за год пасля ваеннага перавароту. Сусветны прафсаюзны рух абяцае, што не спыніцца да таго часу, пакуль улада не будзе вернута народу.

Беларускі працоўны рух сутыкнулася з аналагічнай трагедыяй, што і працоўныя М’янмы. Мілітарысцкі рэжым Лукашэнкі праводзіць рэпрэсіўную палітыку ў дачыненні да беларускага народа, ліквідаваў дэмакратычныя прафсаюзы, а іх лідараў і актывістаў асудзіў на працяглыя турэмныя тэрміны. Як і рэжым М’янмы, рэжым у Беларусі з’яўляецца адным з зацятых парушальнікаў правоў працоўных і міжнародных канвенцый МАП. Таму мы шчыра падтрымліваем імкненне рабочых М'янмы да свабоды і дэмакратыі!

Максім Пазнякоў

Максім Пазнякоў, выконваючы абавязкі старшыні БКДП кажа:

"Сёння дэмакратычны працоўны рух сутыкаецца з самымі сур'ёзнымі выклікамі з часоў другой сусветнай вайны. Узмацненне дыктатарскіх рэжымаў па ўсім свеце ставіць пад пагрозу самі прынцыпы сацыяльнай справядлівасці. Цяпер, як ніколі, важная роля Міжнароднай Арганізацыі Працы, як часткі Арганізацыі Аб’яднаных нацый."